Мікалай Фяськоў: «З матэматыкай «не сябруюць» не толькі беларускія школьнікі...» Частка 2

31.12.2010 

Мікалай Фяськоў. Николай ФеськовЦі можна абвінаваціць прыбор для вымярэння артэрыяльнага ціску ў гіпертанічнай хваробе пацыента? Дык чаму ў тым, што веды некаторых беларускіх абітурыентаў моцна «кульгаюць», абвінавачваюць цэнтралізаванае тэсціраванне? Пра гэта і не толькі мы гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалаем Фяськовым. Пачатак

– Мікалай Сцяпанавіч, якая зараз сітуацыя з засваеннем еўрапейскімі школьнікамі прыродазнаўчых навук? У нашай краіне многіх хвалююць даволі нізкія вынікі, якія абітурыенты дэманструюць на ЦТ па матэматыцы і фізіцы...

– Зусім нядаўна група супрацоўнікаў нашага інстытута вярнулася з Галандыі, дзе мы ўдзельнічалі ў семінары, арганізаваным вучэбным цэнтрам СІTО. Інстытут СІTО займаецца пытаннямі тэсціравання і педагагічных вымярэнняў, з’яўляецца членам многіх міжнародных арганізацый, у тым ліку і Еўрапейскай асацыяцыі па ацэньванні, бярэ ўдзел у шмат якіх міжнародных даследаваннях па праблемах педагагічных вымярэнняў, такіх, як TІMSS, РІSА і іншых. У Галандыі гэтая арганізацыя займаецца пытаннямі тэсціравання навучэнцаў у пачатковай і сярэдняй школе, праводзіць выніковую атэстацыю выпускнікоў, а таксама тэсціруе студэнтаў. Дарэчы, уступных іспытаў у Галандыі таксама няма, таму залічэнне ў ВНУ праводзіцца на падставе школьных выніковых адзнак.

Безумоўна, нас цікавіла, як галандскія школьнікі засвойваюць вучэбную праграму па прыродазнаўчых дысцыплінах у гэтай краіне, і мы, шчыра кажучы, былі ўражаныя пачутым. Галандскія калегі расказалі, што правялі цікавае даследаванне, пратэсціраваўшы базавыя ўменні і навыкі па матэматыцы студэнтаў першага курса педагагічных факультэтаў. Тэсціраванне мела дзве мэты: кантрольную (для вызначэння адпаведнасці ўзроўню падрыхтаванасці студэнтаў па матэматыцы пэўным адукацыйным стандартам) і фарміравальную (для вызначэння таго, наколькі рэальнае становішча далёкае ад вызначаных патрабаванняў, а таксама для выяўлення зоны прабелаў у ведах).

Вынікі тэсціравання аказаліся наступныя: высветлілася, што толькі каля 20 працэнтаў першакурснікаў змаглі прадэманстраваць веды, якія адпавядаюць патрабаванням стандарту. Каля паловы з іх «не сябруюць» з арыфметыкай. А калі вынікі 18-гадовых першакурснікаў параўналі з вынікамі 12-гадовых школьнікаў, то высветлілася, што апошнія ведаюць матэматыку лепш, чым студэнты першага курса педагагічных факультэтаў. Зрэшты, тое ж датычыцца і ведання роднай мовы. Прыкладна палова галандскіх першакурснікаў педагагічных факультэтаў не могуць паспяхова выканаць прапанаваныя тэсты.

Галандцы, як і мы, знаходзяцца ў разгубленасці. Не выключана, што нам даводзіцца сёння пажынаць плады цывілізацыі: камп’ютарныя тэхналогіі, безумоўна, значна спрашчаюць наша жыццё, пры гэтым мы не можам здзейсніць без калькулятара нават самыя элементарныя арыфметычныя вылічэнні. Набіраем тэксты на камп’ютары з памылкамі, упэўненыя, што тэкставы рэдактар выправіць нашу непісьменнасць. Упершыню я звярнуў увагу на гэту праблему, калі пабываў у школах Даніі і Швецыі. Там вучні пачатковых класаў набіралі тэкст на камп’ютары, і настаўнік не звяртаў ніякай увагі на граматычныя памылкі, якія дапускалі дзеці: маўляў, іх выправіць тэкставы рэдактар. І што мы маем сёння? Калі зазірнуць на любы інтэрнэт-форум, то можна лёгка пераканацца, што ў маладых людзей сур’ёзныя праблемы з правапісам, між іншым, як і з уменнем фармуляваць свае думкі. Не спрыяе агульнай пісьменнасці і адсутнасць павагі да кнігі. Зараз мы ўжо маем магчымасць прааналізаваць вынікі апошніх міжнародных даследаванняў функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, якія праводзяцца ў рамках праграмы параўнальнага вывучэння і ацэнкі поспехаў школьнікаў розных краін – РІSА. Тэсціраванне РІSА лічыцца адным з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце. Яно праводзіцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў, перш чым яны будуць прадстаўленыя сусветнай грамадскасці. Самыя «свежыя» звесткі з’явіліся ў інтэрнэце літаральна днямі – 9 снежня...

– Наколькі я ведаю, расійскія школьнікі, якія прымалі ўдзел у тэсціраванні ў 2006 годзе, аказаліся толькі ў чацвёртым дзясятку з 57 краін. Няўжо савецкая школа цалкам здае свае ранейшыя пазіцыі?

– У аснове тэстаў РІSА ляжыць меркаванне, што мала проста ведаць факты і правілы. Трэба ўмець іх выкарыстоўваць, напрыклад, для таго, каб зразумець газетны артыкул пра глабальнае пацяпленне ці разгледзець маніпуляцыю з лічбамі. Прасцей кажучы, даследаванне РІSА накіравана не на вызначэнне пэўнага ўзроўню засваення школьных праграм, а на ацэнку здольнасці навучэнцаў прымяняць атрыманыя ў школе веды і ўменні ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Для тлумачэння многіх з’яў навакольнага свету неабходна разуменне фізічных і хімічных працэсаў, а нашы абітурыенты ў гэтым годзе не змаглі прыгадаць нават у якіх адзінках вымяраецца электрычнае напружанне... Няўжо яны ніколі не бачылі, што напісана на разетках? Увогуле, мы заўважылі, што як толькі задача ў тэсце абапіраецца на эксперымент, там абавязкова будуць няправільныя адказы. Напэўна, ёсць прадметы, якія не могуць выкладацца ў школе толькі на тэарэтычным узроўні, і для авалодання імі ў поўнай меры школьнікам патрабуюцца практычныя навыкі, правядзенне лабараторных работ. Між іншым, у тэстах РІSА 15-гадовым падлеткам прапануюцца не тыповыя задачы па фізіцы, хіміі ці матэматыцы, да якіх усе прызвычаіліся на постсавецкай прасторы, а блізкія да рэчаіснасці праблемныя сітуацыі, звязаныя з рознымі аспектамі нашага жыцця. На думку экспертаў РІSА, атрыманне ў школе канкрэтных ведаў, безумоўна, вельмі важнае, але выкарыстанне гэтых ведаў у дарослым жыцці залежыць ад набытых у школьныя гады навыкаў. У жыцці канкрэтныя веды, скажам, такія, як назвы раслін і жывёлін, маюць меншую каштоўнасць, чым разуменне глабальных праблем, звязаных са спажываннем энергіі, біялагічнай варыятыўнасцю і чалавечым здароўем. Вельмі важныя для школьнікаў такія навыкі, як уменне ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, уменне адаптавацца, выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі. А ў савецкай школе, як вядома, галоўны акцэнт рабіўся пераважна на акадэмізм і трансляцыю ўжо гатовых ведаў...

– Мне здаецца, было б цікавым і нашай краіне прыняць удзел у такіх міжнародных даследаваннях, каб убачыць, на якім свеце мы знаходзімся...

– У многіх краінах у за вынікамі тэстаў РІSА сочаць з не меншым азартам, чым за вынікамі Алімпіяды: усіх цікавіць, хто акажацца ў тройцы лідараў, хто ўвойдзе ў першую дзясятку ў сусветным рэйтынгу і гэтак далей. Для многіх абвяшчэнне вынікаў становіцца адной з галоўных падзей для нацыянальнай адукацыі. І калі краіна аказваецца вельмі далёка ад сусветных лідараў, гэта разглядаецца ні больш ні менш, як нацыянальная пагроза і сігнал, што ў сістэме адукацыі трэба тэрмінова штосьці змяняць: пераглядаць патрабаванні да адукацыйных стандартаў, уносіць карэктывы ў вучэбныя праграмы і планы, мяняць падыходы да выкладання вучэбных дысцыплін, укараняць сучасныя навучальныя тэхналогіі і гэтак далей. Так было, і з Германіяй, і з Нарвегіяй, з краінамі Балтыі, Польшчай, Венгрыяй і іншымі. Сёння лідарамі па выніках РІSА па матэматычнай граматнасці з’яўляюцца мацерыковы Кітай, Сінгапур, Ганконг, Южная Карэя і Тайвань; па прыродазнаўчанавуковай – мацерыковы Кітай, Фінляндыя, Ганконг, Сінгапур і Японія; па чытацкай – матэрыковы Кітай, Южная Карэя, Фінляндыя, Ганконг і Сінгапур. Прычым асобныя краіны займаюць лідзіруючыя пазіцыі на працягу трох апошніх даследаванняў, або апошняга дзесяцігоддзя. Зайздросная стабільнасць. Напэўна, у іх ёсць чаму павучыцца...

– Мікалай Сцяпанавіч, пасля апошняга тэсціравання на вас зноў абрушыўся шквал крытыкі: маўляў, тэсты – звышскладаныя, заданні – не заўсёды карэктныя, а для таго, каб стаць студэнтам ВНУ, дастаткова толькі трапіць пальцам у неба – угадаць некалькі правільных адказаў...

– Нашы заходнія калегі прызналіся, што і ім таксама нярэдка даводзіцца прыстасоўвацца да грамадскай думкі. Так, дырэктар галандскага інстытута СІТО ў сваім выступленні падкрэсліў, што слаба падрыхтаваныя вучні, якія дэманструюць на тэсціраванні нізкія вынікі, як правіла, негатыўна ставяцца да самога тэсціравання, а станоўча ацэньваюць яго тыя навучэнцы, якія атрымалі па выніках тэстаў дастаткова высокія балы.

Я ні ў якім разе не хачу кідаць камень у бок школы: маўляў, як вы дзяцей рыхтуеце, так яны тэсты і здаюць. Аднак і мы вымушаны абараняцца, калі нас спрабуюць абвінаваціць у тым, што справіцца з тэстамі школьніку без дапамогі репетытараў немагчыма. Асабіста я бачу праблему невысокіх сярэдніх балаў па многіх дысцыплінах ЦТ у наступным: калі яшчэ 20 гадоў таму на вышэйшую адукацыю адважваліся замахнуцца толькі 20-30 працэнтаў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, то цяпер усе масава ідуць удзельнічаць у тэсціраванні. Штогод у ЦТ бяруць удзел ад 93 да 96 працэнтаў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ. А да выпускнікоў бягучага года далучаюцца выпускнікі папярэдніх гадоў, выпускнікі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама прэтэндэнты на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Мяркую, што дастаткова вялікая колькасць выпадковых людзей на тэсціраванні з’яўляецца вынікам даступнасці і зручнасці здачы экзаменаў у тэставай форме, калі абітурыент пазбаўлены асабістага кантакту з экзаменатарамі. Адна рэч – паставіць на ўдачу адказы ў тэстах, і зусім іншая – зняславіць сябе перад экзаменацыйнай камісіяй.

Дарэчы, сцвярджэнне, што узровень падрыхтоўкі абітурыентаў рэзка падае, наша статыстыка не пацвярджае: сапраўды, сярэднія балы па некаторых прадметах аказаліся ніжэйшымі ў параўнанні з мінулагоднімі прыкладна на 2,5 адзінкі. Але не па ўсіх. Па нашых назіраннях, узровень падрыхтоўкі выпускнікоў прафесійна-тэхнічных устаноў ніжэйшы прыкладна ў 2,2-5 разоў, чым у выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, а ў выпускнікоў школ папярэдніх гадоў узровень ведаў ніжэйшы, чым у сёлетніх выпускнікоў. Гэта тэндэнцыя паўтараецца з года ў год. Аднак, хачу падкрэсліць, што сярод залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання практычна няма абітурыентаў з нізкімі баламі. Скажам, у Беларускім дзяржаўным універсітэце 48 працэнтаў ад агульнай колькасці паступіўшых на дзённую бюджэтную форму навучання (811 чалавек) мелі ў суме больш як 300 балаў. У тых, хто паступіў на бюджэтную форму навучання ў БДУ, сярэдні бал па фізіцы быў 52, па матэматыцы – 64, хіміі – 63, беларускай мове – 68. Няўжо гэта нізкія балы? Хачу таксама дадаць, што балы абітурыентаў на канкрэтнай спецыяльнасці ці ў канкрэтнай ВНУ – гэта свайго роду рэйтынг навучальнай ўстановы ці канкрэтнай спецыяльнасці. Таму стаць студэнтам прэстыжнай спецыяльнасці ці прэстыжнай ВНУ з нізкімі баламі наўрад ці магчыма...

Гутарку вяла Надзея Нікалаева.

Задачы з тэста РІSА

1. Урывак з газетнага артыкула: «На міжнароднай выставе «Турызм без межаў» наведвальнікі былі ўражаныя стэндам адной фірмы. Гэта трэба бачыць! Непасрэдна ў павільёне ўстаноўлены надзіманы глобус вышынёй з чатырохпавярховы дом. А вакол яго лятаюць пчолы, якія сімвалізуюць самалёты, што перавозяць турыстаў. Вельмі падобна, што насякомыя – сапраўдныя... На шчасце, ніхто з наведвальнікаў выставы не паскардзіўся на ўкусы, і абаронцы жывёлін таксама не выказвалі пратэстаў. А цяпер пытанне: «Ці можна лічыць матэматычна карэктным выкарыстанне пчол у якасці мадэляў самалётаў?»

З якога боку трэба было падыходзіць да рашэння задачы:

Па-першае, з тэксту трэба было вычленіць менавіта матэматычную задачу. Па-другое, адкінуць нязначныя дэталі тыпу «ўкусу» ці «абаронцаў жывёлін». Па-трэцяе, неабходна было аперыраваць не дакладнымі лічбамі, прапанаванымі ў заданні, а прыблізнымі значэннямі са штодзённага жыцця: вышыня паверха складае прыкладна 3,5 метра, даўжыня цела пчалы – прыкладна 2 сантыметры. Далей трэба было задзейнічаць інфармацыю з іншай навукі – геаграфіі: дыяметр Зямлі роўны прыкладна 13 тысячам кіламетрам. Толькі ў гэтым выпадку можна прыйсці да правільнага адказу – выкарыстанне пчол было матэматычна некарэктным, паколькі ў тым маштабе, у якім быў выкананы глобус, даўжыня цела пчалы павінна адпавядаць 1-2 кіламетрам.

2. Навукоўца кажа, што матэрыял не сапсуецца, калі яго мыць, абгортваць вакол нейкіх прадметаў ці камечыць. Ен таксама сцвярджае, што можа быць наладжана танная масавая вытворчасць гэтага матэрыялу. Ці могуць сцвярджэнні быць правераныя з дапамогай навуковых даследаванняў у лабараторных умовах?

«Звязда»

P.S.: Вы можете разместить эту статью на своём ресурсе! Обязательно ставьте прямую работающую ссылку на наш проект:
Главная страница Alma Mater
Статья Мікалай Фяськоў: «З матэматыкай «не сябруюць» не толькі беларускія школьнікі...» Частка 2
Читайте все статьи на Карте сайта