Мікалай Фяськоў: «Не ігнаруйце рэпетыцыйнае тэсціраванне...»

20.01.2011 

Мікалай Фяськоў: «Не ігнаруйце рэпетыцыйнае тэсціраванне...»Мала хто можа пахваліцца тым, што без вонкавай дапамогі яму ўдалося з першага разу справіцца з запаўненнем дэкларацыі ў падатковай інспекцыі. І нават з другой ці трэцяй спробы гэта не ў кожнага атрымаецца. А калі б давялося запаўняць бланк адказаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, то праблем было б, напэўна, не менш. Гэта, без перабольшання, цэлая навука, як уносіць у клетачкі адзінкі вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны), лічбавыя адказы ў выглядзе дробу, сімвалы хімічных элементаў, або як уносіць адказ, які складаецца з двух слоў, у якім склоне даваць адказ на пастаўленае пытанне і гэтак далей. А цяпер уявіце сабе, што рабіць гэта даводзіцца ў стрэсавай абстаноўцы сапраўднага экзамена, ад выніку якога залежыць, ні больш ні менш, ваша прафесійная будучыня. Калі ў вас зусім няма часу задумвацца над «дробнымі» тэхнічнымі момантамі, бо гадзіннік няўмольна адлічвае хвіліны, што засталіся да заканчэння адказнага выпрабавання...

Ці не таму ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў ужо даўно не здзіўляюцца памылкам, якія абітурыенты ўмудраюцца дапускаць пры напісанні ўласнага прозвішча ці імені ў вобласці рэгістрацыі. Слова «Надежда» пішуць як «Надежа», у імені «Дзяніс» дапускаюць ажно тры памылкі. Ёсць абітурыенты, якія ўвогуле забываюць з-за хвалявання запоўніць у бланку вобласць рэгістрацыі. Адным словам, казусаў на тэсціраванні хапае...

– Асабіста я ўпэўнены, што для поспеху на экзамене мае значэнне абсалютна ўсё: і сістэмныя веды, і псіхалагічная загартоўка, і тэхнічная падрыхтоўка, і правільная самаарганізацыя, – падкрэсліў у гутарцы з журналістам «Звязды» дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў. – Менавіта таму я хацеў бы даць абітурыентам адну параду – не ігнаруйце рэпетыцыйнае тэсціраванне. У студзені ў краіне якраз стартаваў другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання, які будзе доўжыцца да канца лютага. Падчас першага этапу, які завяршыўся ў снежні, былі апрацаваны 53 тысячы чалавека-тэстаў. І хоць у параўнанні з папярэднім годам колькасць удзельнікаў трэніровачных тэстаў крыху павялічылася, у Мінску, напрыклад, было апрацавана толькі крыху больш за 5 тысяч бланкаў адказаў (самая вялікая колькасць паступіла з Белдзяржуніверсітэта – 2128). А ў Гомельскай вобласці, якая па колькасці патэнцыяльных абітурыентаў цалкам супастаўная са сталічным рэгіёнам, было пройдзена 15 тысяч трэніровачных чалавек-тэстаў – утрая больш. Чаму, цікава, мінчане так абыякава ставяцца да «рэпетыцыі» будучага экзамена? Паводле нашай інфармацыі, першы этап тэсціравання па жаданні праігнаравала ўсяго каля 20 працэнтаў вучняў выпускных класаў на Гомельшчыне. Каб ахапіць максімум выпускнікоў, рэгіянальны цэнтр тэсціравання пры Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце робіць стаўку на індывідуальную работу: падчас другога і трэцяга этапу рэпетыцыйнага тэсціравання там плануюць нават дасылаць персанальныя запрашэнні кожнаму адзінаццацікласніку. Нашы калегі з Гомеля высветлілі, што каля паловы бацькоў выпускнікоў не разглядалі раней рэпетыцыйнае тэсціраванне як эфектыўную форму падрыхтоўкі да паступлення. Такая інертная пазіцыя і патэнцыяльных абітурыентаў, і іх бацькоў, якія спадзяюцца, напэўна, толькі на інстытут рэпетытарства, зразумела, не можа нас не засмучаць. Тым больш што мы прасачылі за вынікамі ўдзельнікаў рэпетыцыйных тэсціраванняў у папярэднія гады і пераканаліся, што маладыя людзі, якія ўдзельнічалі ва ўсіх трох этапах «рэпетыцыі» экзаменаў, паказваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні ў два раза вышэйшы бал, чым сярэдні па прадмеце сярод усіх удзельнікаў ЦТ. Тыя, хто ўдзельнічаў у двух этапах, атрымліваюць ў паўтара разы вышэйшы за сярэдні бал. А ўдзельнікі аднаго этапу рэпетыцыйнага тэсціравання паказваюць, як правіла, сярэдні вынік.

Ужо першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання яскрава прадэманстраваў, якія існуюць прабелы ў ведах і над чым трэба працаваць сёння, бо ў маі ўжо будзе позна. Скажам, на тэсціраванні па беларускай мове яго ўдзельнікам трэба было напісаць лічэбнікі «пяцьсот» і «дзевяцьсот» у творным склоне. Якія толькі варыянты ні прапаноўвалі нашы будучыя абітурыенты: пяці стам, пяцьсяцью, пяцьяцьсю, пяццаццю, пятісамі, пятсотьма, пяцісоце, пяцьсотным, абпяцісот, пяціц, пяцісоткай, пацьсот, пцістамі, дзевяцьсоццю, дзевяцісотнымі, девяцесотым, дзвевяцьсоцью, девядсотый, дзевяцюсоты, девяцісотым і іншыя. Магчыма, правапіс лічэбнікаў і не з’яўляецца лёгкай тэмай, тым не менш, з такімі прабеламі ў ведах праблематычна будзе на цэнтралізаваным тэсціраванні разлічваць на больш-менш добрую адзнаку. Прабелы ў ведах становяцца асноўнай прычынай успрымання тэстаў цэнтралізаванага тэсціравання як «занадта складаных».

– Мікалай Сцяпанавіч, але ж вы не станеце абвяргаць той факт, што ёсць у тэстах заданні, з якімі могуць справіцца толькі адзінкі...

– Ёсць такое паняцце як дыферэнцыравальная здольнасць заданняў. Як правіла, абсалютная большасць заданняў у педагагічным тэсце мае паказчык выканання больш як 40 працэнтаў. Такія заданні цалкам адпавядаюць мэтам уступных выпрабаванняў. І толькі адзінкавыя заданні, якія можна аднесці да найбольш складаных, маюць невысокі працэнт выканання, гэта значыць, што іх дыферэнцыравальная здольнасць – нізкая. Аднак такія заданні выконваюць важную функцыю – ранжыруюць найбольш падрыхтаваную частку абітурыентаў. Такую ж функцыю выконваюць заданні першага і другога ўзроўню складанасці ў дачыненні да найменш падрыхтаванай часткі тэстуемых. Працэнт выканання такіх заданняў знаходзіцца ў дыяпазоне 40–60. Хачу падкрэсліць, што заданняў з поўнай адсутнасцю станоўчых адказаў ні ў 2010 годзе, ні ў папярэднія гады выяўлена не было. Хоць некаторыя выкладчыкі і папракаюць нас у тым, што мы прапануем на тэсціраванні алімпіядныя задачкі.

Штогод мы ўносім нязначныя карэктывы ў структуру тэставых заданняў, якія ўзгадняюцца са змяненнямі вучэбных праграм і кантынгенту ўдзельнікаў тэсціравання. Вядома, што чым большая колькасць сярод абітурыентаў выпускнікоў школ бягучага года, тым больш высокім будзе і сярэдні бал. Напрыклад, два апошнія гады мы былі вымушаны ўлічваць тыя змяненні ў вучэбнай праграме, якія былі звязаныя з існаваннем 11-х штрых-класаў. Але апошні выпуск адзінаццацікласнікаў, якія навучаліся па скарочанай праграме, адбыўся летась.

У снежні Міністэрствам адукацыі былі зацверджаны праграмы ўступных іспытаў для абітурыентаў 2011 года. І ўжо на іх падставе мы працуем над спецыфікацыяй тэстаў для будучага цэнтралізаванага тэсціравання. Трэці рэпетыцыйны этап тэсціравання праходзіць ужо заўсёды з улікам новай спецыфікацыі тэстаў. Магчыма, яшчэ і па гэтай прычыне трэці этап становіцца самым масавым. Але навёрстваць упушчанае за месяц-два да паступлення – гэта тое ж самае, што спрабаваць заскочыць у апошні вагон цягніка. Хачу заспакоіць, што па агульнай колькасці заданняў і часу, які даецца на іх выкананне, тэсты застануцца нязменнымі, але можа мяняцца, напрыклад, колькасць тэставых заданняў на тую ці іншую тэму. Ці могуць ўводзіцца заданні на тэмы, якія зноў вярнуліся ў школьную праграму.

– Некаторыя абітурыенты і іх бацькі прызнаюцца, што эфектыўнасць ад рэпетыцыйнага тэсціравання была б значна большай, калі б была магчымасць работы над уласнымі памылкамі, як гэта робіцца ў школе пасля кантрольнай работы. А так абітурыенты атрымліваюць на рукі толькі свае «плюсы» і «мінусы» за правільна выкананыя ці не выкананыя заданні. Нават змест тэсту аднавіць немагчыма...

– Напэўна, кансультаванне абітурыентаў павінны ўзяць на сябе навучальныя ўстановы, на базе якіх праходзіць рэпетыцыйнае тэсціраванне, а сіламі работнікаў нашага інстытута зрабіць гэта проста фізічна немагчыма. Ды гэта і не ўваходзіць у нашы функцыі. Рэгіянальны цэнтр тэсціравання пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы ўжо не першы год арганізуе індывідуальныя кансультацыі для ўдзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання, зразумела, што не без нашага ўдзелу. Прычым яны ўжо выйшлі за межы свайго рэгіёна і могуць пракансультаваць любога абітурыента, незалежна ад пункта праходжання тэсціравання і месца пражывання. Мэта такой кансультацыі – ліквідацыя прабелаў у ведах і далейшая падрыхтоўка па тэматыцы тэставых заданняў, з якімі абітурыенты не справіліся на «рэпетыцыі» экзамену. Індывідуальная кансультацыя ўяўляе сабой рассылку вучэбна-метадычнага пакета, які ўтрымлівае тэматыку раздзелаў школьнай праграмы па кожным няправільна выкананым заданні з указаннем года ці класа вывучэння адпаведнага раздзела, з рэкамендаваным спісам вучэбнай і метадычнай літаратуры, са зместам няправільна выкананых заданняў, правільнымі адказамі і ўказаннем да правільнага рашэння. Дарэчы, паказчык паспяховасці абітурыентаў, якія скарысталіся індывідуальнай кансультацыяй па выніках усіх трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання, намнога вышэйшы на цэнтралізаваным тэсціраванні, чым сярэдні па вобласці. У БДУ на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі таксама ладзяцца кансультацыйныя заняткі па матэрыялах рэпетыцыйнага тэсціравання. Заўважу, што і ў першым, і ў другім выпадках размова ідзе пра сімвалічныя сумы, ва ўсялякім разе, адна гадзіна навучання з рэпетытарам каштуе значна даражэй.

– Мікалай Сцяпанавіч, дайце, калі ласка, абітурыентам некалькі парад, на што трэба звяртаць увагу пры падрыхтоўцы да тэсціравання...

– Мы даўно заўважылі, што цяжкасці ва ўдзельнікаў ЦТ выклікаюць заданні з вялікім тэкставым зместам, хоць у тэстах, у адрозненне ад іншых форм іспытаў, тэкставы змест мінімізаваны. Як толькі тэкст выходзіць за рамкі аднаго-двух сказаў, абітурыентам цяжка ўлавіць яго сутнасць, зразумець, што ад іх патрабуецца. Рызыкну выказаць думку, што гэта можа быць звязана са зніжэннем агульнай моўнай культуры моладзі. Нізкую культуру мовы мы заўважылі якраз на тэсціраванні па фізіцы і матэматыцы, бо заданні там сфармуляваныя максімальна лаканічна. Мы заўсёды імкнёмся да таго, каб заданні і адказы на іх займалі не больш за трэць старонкі. Асаблівасць тэсціравання ў тым, каб выбраць рацыянальны шлях рашэння. Таму калі хтосьці сцвярджае, што рашэнне заняло ў яго некалькі старонак, гэта значыць, што абітурыент выбраў не самы кароткі шлях.

Матэматыка па праве лічыцца адным з найбольш складаных школьных прадметаў. І алгебра, і геаметрыя – навукі, дзе навучанне пабудавана па дакладным алгарытме «ад простага да складанага», пры гэтым кожная наступная тэма з’яўляецца прамым ці ўскосным працягам папярэдняй. Абітурыент, які выбраў матэматыку ў якасці ўступнага іспыту, павінен валодаць рацыянальнымі вылічальнымі прыёмамі, ведаць шмат формул ці пры неабходнасці ўмець вывесці патрэбную формулу, і ўмець прымяняць іх у ходзе рашэння ўраўненняў, прыкладаў, задач як часткі А (дзе трэба выбраць правільны адказ з прапанаваных варыянтаў), так і часткі В (дзе адказ трэба знайсці самастойна). Алгарытм рашэння задачы павінен узнікаць ужо ў працэсе чытання ўмовы. Першыя заданні ўвогуле можна рашаць вусна, але для гэтага трэба, так бы мовіць, набіць руку.

На тэсціраванні па фізіцы і хіміі, мы, напрыклад, назіраем нярэдка пралікі менавіта ў матэматычнай падрыхтоўцы абітурыентаў, гэта значыць, што правільна рашыўшы задачу «фізічна», абітурыенты дапускаюць памылкі ў рашэнні сістэмы ўраўненняў, у матэматычных пераўтварэннях формул, пры выкананні дзеянняў з вектарамі, трыганаметрычнымі функцыямі і гэтак далей. Некаторыя абітурыенты памыляюцца пры аналізе графікаў, не могуць прымяніць правілы прыблізных вылічэнняў, правільна акругліць канчатковы адказ. Для таго, каб справіцца з тэстам па фізіцы, неабходна выдатна валодаць усімі матэматычнымі аперацыямі. Зразумела, што ў выйгрышы будуць абітурыенты, у якіх развіты навык вуснага лічэння. Аднак хачу ўсіх заспакоіць, што на тэсціраванні па фізіцы ў нас няма заданняў, дзе была б складаная матэматыка, якая аднімае шмат часу.

Часта абітурыенты несур’ёзна падыходзяць да задачы: не ўнікаючы ў сутнасць умовы, адразу прыступаюць да яе рашэння. Від задачы можа здацца знаёмым, але трэба ўпэўніцца ў тым, што гэта менавіта тая задача, якую вы рашалі раней. Умова яе можа адрознівацца ўсяго адным-двума словамі, але калі гэта не заўважыць, у выніку атрымаецца памылковае рашэнне.

Не думаю, што трэба спецыяльна рыхтаваць школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання. Практыка паказвае, што калі чалавек добра ведае прадмет, форма праверкі ведаў не павінна аказваць уплыў на вынік. Іншая справа, што абітурыентам трэба асвоіцца для работы з тэстам – дзеля гэтага і існуе рэпетыцыйнае тэсціраванне. Сапраўднай праблемай, як мы заўважылі, для абітурыентаў з’яўляецца адмена памылковых адказаў. Таму неабходна вучыцца рабіць гэта загадзя, каб не сапсаваць свой тэставы бал. Мы кожны год пасля цэнтралізаванага тэсціравання выдаём зборнікі тэстаў, каб абітурыенты маглі па «гарачых слядах» азнаёміцца з заданнямі. Да таго ж нядаўна мы выпусцілі тоўстыя зборнікі па ўсіх прадметах, якія ўключаюць у сябе адразу ўсе тэсты мінулых гадоў. Магу вас запэўніць, што нічога прынцыпова новага ў нашай базе няма. Спецыялісты ўвогуле сцвярджаюць, што ў фізіцы і матэматыцы існуе пэўная колькасць задач, а ўсё астатняе – гэта інтэрпрэтацыі. І калі абітурыент умее рашаць задачы з падручніка з 5-га па 11 клас, а таксама перарашае ўсе тэсты папярэдніх гадоў, то на тэсціраванні мы ўжо нічым здзівіць яго не зможам. Аднак тэсты – гэта толькі форма кантролю, а зусім не навучання, а тэставыя зборнікі – толькі дапаможны сродак для дыягностыкі ведаў. Галоўнае – выконваць патрабаванні школьнай праграмы. У ходзе падрыхтоўкі найбольшую ўвагу трэба надаваць тым пытанням, з якімі не справіліся на тэсціраванні абітурыенты мінулых гадоў. Мы штогод рыхтуем зборнікі з аналізам найбольш характэрных памылак, дапушчаных абітурыентамі, але гэтыя памылкі ўсё роўна паўтараюцца з года ў год.

Я лічу, што да рэпетыцыйнага тэсціравання трэба ставіцца, у першую чаргу, як да выдатнага сродку самадыягностыкі і адпрацоўкі тэставых тэхналогій. Кожная новая «рэпетыцыя» экзамену – гэта спосаб яшчэ раз сябе праверыць. Скарыстацца ёй ці не – асабістая справа кожнага. Хачу паўтарыць яшчэ раз, што я параіў бы не ігнараваць такую магчымасць...

Надзея Нікалаева.

«Звязда»

P.S.: Вы можете разместить эту статью на своём ресурсе! Обязательно ставьте прямую работающую ссылку на наш проект:
Главная страница Alma Mater
Статья Мікалай Фяськоў: «Не ігнаруйце рэпетыцыйнае тэсціраванне...»
Читайте все статьи на Карте сайта

Emeline (посетитель):
пн, 09/05/2016 - 14:42

Heck of a job there, it abeuoltsly helps me out.

Micheal (посетитель):
сб, 14/05/2016 - 08:49

Kortet är inte alls knepigt utan bara to¤clkÃkert som allt annat du gör. Usch, vad du blir sjuk hela tiden - hÃ¥ller tummarna för att du piggar pÃ¥ dig. *kram* http://fomufd.com [url=http://qysjotzvlfo.com]qysjotzvlfo[/url] [link=http://uzjbrtorb.com]uzjbrtorb[/link]