Мікалай Фяськоў: «З матэматыкай «не сябруюць» не толькі беларускія школьнікі...» Частка 1

31.12.2010 

Мікалай Фяськоў. Николай ФеськовЦі можна абвінаваціць прыбор для вымярэння артэрыяльнага ціску ў гіпертанічнай хваробе пацыента? Дык чаму ў тым, што веды некаторых беларускіх абітурыентаў моцна «кульгаюць», абвінавачваюць цэнтралізаванае тэсціраванне? Фактычна ЦТ выконвае функцыю таго самага танометра – «высвечвае» ў падрыхтоўцы беларускіх школьнікаў тыя ці іншыя праблемы... Для школьных настаўнікаў, складальнікаў падручнікаў і тых, хто працуе над вучэбнымі праграмамі, вынікі тэсціравання павінны быць вельмі важным сігналам. Пра гэта вялася гаворка на Міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла нядаўна пад эгідай Еўрапейскай асацыяцыі спецыялістаў па ацэньванні ў адукацыі (АЕА-Еurоре). Такія канферэнцыі ладзяцца Еўрапейскай асацыяцыяй штогод, і кожная з іх прысвячаецца асобнай праблеме. Сёлета на канферэнцыі асвятляліся праблемы, звязаныя з укараненнем у сістэму ацэньвання стандартаў, а таксама выкарыстання вынікаў міжнародных даследаванняў РІSА ў нацыянальных інтарэсах для павышэння якасці кантролю і педагагічных вымярэнняў. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў таксама з’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі спецыялістаў па ацэньванні ў адукацыі. І сёння мы гутарым з яго дырэктарам Мікалаем Фяськовым:

– Прызнаюся, што міжнародны вопыт арганізацыі і правядзення тэсціравання для нас вельмі цікавы, тым больш што ў цэнтралізаванага тэсціравання, якое праводзіцца ў Беларусі, ёсць свая адметнасць – у нашай краіне яно выкарыстоўваецца выключна для адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. А ў еўрапейскіх краінах тэсціраванне выкарыстоўваецца для правядзення як выніковай, так і прамежкавай атэстацыі навучэнцаў, і з’яўляецца галоўным інструментам знешняга ацэньвання. Прычым існуе даволі шмат адрозненняў і па шкаліраванні вынікаў удзельнікаў тэсціравання, і па іх асвятленні. Невыпадкова на канферэнцыі была агучана прапанова аб укараненні ў сістэму ацэньвання пэўных міжнародных стандартаў, асабліва з улікам стварэння ў Еўропе адзінай адукацыйнай прасторы.

Напрыклад, адна з секцый на канферэнцыі была прысвечаная абмеркаванню аргументаў на карысць і супраць выкарыстання ў тэстах розных тыпаў тэставых заданняў. Прадстаўнікі цэнтраў тэсціравання ЗША і Вялікабрытаніі выказвалі свой пункт гледжання на заданні з множным выбарам адказаў і адкрытымі адказамі, калі абітурыентам не даецца падказак і яны павінны самастойна сфармуляваць адказ. Гэтыя пытанні на працягу многіх гадоў выклікаюць пастаянныя спрэчкі ў распрацоўшчыкаў тэставых заданняў. А ў апанентаў ЦТ магчымасць угадвання правільнага адказу з’яўляецца ці не галоўным аргументам супраць правядзення ўступных іспытаў у тэставай форме.

Увогуле канферэнцыя, як заўсёды, была вельмі прадстаўнічай: на ёй сабраліся эксперты ў галіне педагагічных вымярэнняў з Англіі, Бельгіі, Ізраіля, Германіі, Нарвегіі, Польшчы, ЗША, Японіі, Швецыі і многіх іншых краін, вядучыя спецыялісты такіх аўтарытэтных арганізацый як СІTО і Dutсh Tеst (Галандыя), Саmbrіdgе Ехаm Rеsеаrсh Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) і АSС (ЗША). Паколькі месцам правядзення канферэнцыі быў абраны Осла, то ў нас была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі і падыходамі да ацэньвання ў гэтай краіне. Мяркую, гэтая інфармацыя будзе цікавай і для вашых чытачоў.

Па-першае, агульная сярэдняя адукацыя ў Нарвегіі прадугледжвае 13-гадовае навучанне (10 гадоў даецца на засваенне праграмы пачатковай і сярэдняй школы плюс тры гады на старэйшую школу). Характэрная асаблівасць – жорсткі падзел на ўзроставыя групы: вы ніколі не ўбачыце, каб у адным будынку навучаліся і шасцігадовыя дзеці, і 14-гадовыя падлеткі, і 18-гадовыя маладыя людзі.

У пераліку абавязковых прадметаў пачатковай школы (акрамя матэматыкі, нарвежскай, англійскай мовы, малявання і музыкі) значацца такія прадметы як асновы хрысціянскай рэлігіі і маральнага выхавання і хатняя эканоміка. Ужо з першых дзён знаходжання ў школе дзецям даводзіцца думка, што асоба чалавека можа развівацца толькі ва ўзаемадзеянні з іншымі асобамі, таму вучоба арганізавана там такім чынам, каб дзеці навучыліся сумесна ацэньваць наступствы тых ці іншых рашэнняў. «Работа ў камандзе», «абмеркаванне», «прыняцце рашэння» — менавіта так гучыць з боку настаўніка ацэнка дзеянняў вучняў на школьных занятках. Дарэчы, з першага па сёмы клас у нарвежскіх школах адсутнічае такое паняцце як адзнака. Адзнакі з’яўляюцца толькі ў 8-м класе. Таксама з’яўляюцца і новыя прадметы — эканоміка, экалогія, бухгалтарскі ўлік і дысцыпліны, скіраваныя на прафесійную арыентацыю. На гэтым этапе галоўнае – сфарміраваць у дзяцей аптымістычную ацэнку ўласных здольнасцяў. Пачынаючы з 16 гадоў, нарвежцы наведваюць старэйшую школу. У першы год на вывучэнне абавязковых акадэмічных дысцыплін адводзіцца 30 гадзін у тыдзень. Далей аб’ём абавязковых прадметаў змяншаецца: на другім годзе навучання ў старэйшай школе на абавязковыя прадметы вылучаецца 18 гадзін у тыдзень і 12 гадзін – на дысцыпліны па выбары. На трэцім годзе гэтыя суадносіны змяняюцца яшчэ раз: 14 гадзін на абавязковыя прадметы і 16 гадзін — на прадметы па выбары. Такім чынам, старэйшыя школьнікі маюць магчымасць з кожным годам удзяляць больш часу і ўвагі тым прадметам, якія іх цікавяць і якія яны маюць намер у далейшым вывучаць ва ўніверсітэце ці ў каледжы.

А экзаменуюць старшакласнікаў выбарачна. Так, пасля першага года навучання ў старэйшай школе экзамены здаюць у сярэднім 10 працэнтаў навучэнцаў, пасля другога – 25 працэнтаў і пасля трэцяга – 50 працэнтаў. Пра тое, хто будзе здаваць экзамен і якія канкрэтна дысцыпліны, навучэнцы даведваюцца за два дні да правядзення іспытаў, але рыхтуюцца абсалютна ўсе. Гэтых школьнікаў выбірае Экзаменацыйны сакратарыят Нарвегіі, не маючы ніякай інфармацыі ні пра навучэнца, ні пра яго поспехі ў вучобе – так бы мовіць, усляпую. Пералік экзаменацыйных дысцыплін з’яўляецца пастаянным і ўключае інфарматыку, эканоміку, матэматыку і англійскую мову. Звычайна з гэтага пераліку выбіраюцца адна або дзве дысцыпліны. Пры заканчэнні старэйшай школы дадаюцца яшчэ два абавязковыя экзамены – па нарвежскай мове і адным прадмеце па выбары.

– А як у такім разе ў Нарвегіі праходзіць адбор у ВНУ?

– Уступныя экзамены на ўваходзе ў ВНУ адсутнічаюць, таму пры паступленні, па сутнасці, адбываецца конкурс школьных атэстатаў. Пасля заканчэння школы маладыя людзі могуць прадоўжыць навучанне ва ўніверсітэце ці каледжы, а можна год правесці ў народнай школе. Гэты тып навучальнай установы называюць «паўночным феноменам». 82 народныя школы размешчаны, як правіла, далёка ад гарадскога шуму і мітусні. Кожная народная школа мае сваю спецыялізацыю. У адной робяць акцэнт на спорце, турызме, замежных мовах і мастацтве фатаграфіі, у другой – на музыцы і сцэнічным мастацтве, у трэцяй – на сацыяльных навуках, педагогіцы і журналістыцы. Дыплом такой школы не з’яўляецца пасведчаннем аб атрыманні спецыяльнасці, але дае яго ўладальніку дадатковыя балы пры паступленні ва ўніверсітэт. У задачу народных школ заўсёды ўваходзіла не столькі навучанне, колькі фарміраванне асобы і дапамога ў выбары прафесіі, паколькі малады чалавек заўсёды вывучае тут толькі тыя прадметы, з якімі ў далейшым будзе звязана яго вучоба ва ўніверсітэце і будучая прафесія.

У Нарвегіі дыплом аб вышэйшай адукацыі атрымліваюць як пасля заканчэння каледжа, так і пасля заканчэння ўніверсітэта. Розніца ў тым, што каледж – гэта спецыялізаваная прафесійная вышэйшая навучальная ўстанова, а ўніверсітэты ў Нарвегіі заўсёды былі цэнтрам навукова-даследчай дзейнасці. Навучанне ў дзяржаўных універсітэтах і каледжах Нарвегіі амаль бясплатнае. Патрабуецца толькі ўнесці ўступны ўзнос у памеры 30 долараў і кожны семестр рабіць сімвалічныя ўзносы ў памеры 37 долараў.

Навучанне доўжыцца ад 3,5 да 4 гадоў. Напрыканцы навучання ўсе студэнты пішуць дыпломную работу і здаюць экзамен па філасофіі, незалежна ад таго, па якой спецыяльнасці яны навучаліся. Зусім іншым чынам будуюцца ўніверсітэцкія праграмы па медыцыне, праве, эканоміцы і інжынерным навукам: гэтыя спецыяльнасці лічацца найбольш прэстыжнымі і высокааплатнымі. Каб атрымаць ступень у адной з вышэйпералічаных навук і права на работу па спецыяльнасці, трэба навучацца па спецыяльнай праграме ад 4,5 да 6 гадоў. Далей

Гутарку вяла Надзея Нікалаева.
Фота Марыны Бегунковай.

«Звязда»

P.S.: Вы можете разместить эту статью на своём ресурсе! Обязательно ставьте прямую работающую ссылку на наш проект:
Главная страница Alma Mater
Статья Мікалай Фяськоў: «З матэматыкай «не сябруюць» не толькі беларускія школьнікі...» Частка 1
Читайте все статьи на Карте сайта