Археалагічныя раскопкі, або Студэнцкая практыка з рыдлёўкай

12.08.2011 

Археалагічныя раскопкі, або Студэнцкая практыка з рыдлёўкайСтудэнцкія практыкі ў беларускіх універсітэтах бываюць розныя. Залежыць гэта ад спецыяльнасці і курса. У студэнтаў-гісторыкаў ці не самая цікавая практыка – археалагічная, калі можаш пабачыць на свае вочы і нават патрымаць у руках тое, аб чым чытаў у кніжках. На старшых курсах студэнты гістфакаў будуць працаваць з архівамі, вучыцца апрацоўваць тэкставую і графічную інфармацыю, шчыраваць на педагагічнай ніве. А гэтым летам першакурснікі Полацкага і Віцебскага ўніверсітэтаў удзельнічаюць у археалагічных раскопках каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна.

Студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прызнаюцца, што былі б зусім не супраць знайсці які рарытэт у нетрах докшыцкай зямлі.

– Літаральна нядаўна мы знайшлі пярсцёнак і фрагменты бранзалетаў, невялікі фрагмент падвескі, – расказвае пра знаходкі завочнік Аляксандр Суржэнка. – У матэрыяльным плане ніякай каштоўнасці яны не ўяўляюць, а вось у культурна-гістарычным – бясцэнныя.

Кіраўнік археалагічнай экспедыцыі Андрэй Вайцяховіч курганнымі могілкамі зацікавіўся з падачы сваіх сяброў-настаўнікаў. І калі гадоў восем таму ён толькі пачынаў цікавіцца курганамі, то сёння ўжо рыхтуе дысертацыю на гэтую тэму. На раскопкі ў лес Андрэй Вячаслававіч бярэ не толькі студэнтаў-практыкантаў, але і 7-гадовага сына Ладзіміра. Для малодшага Вайцяховіча гэта ўжо чацвёртая экспедыцыя ў жыцці. Заплечнік археолага – гэта тэлефон, сцізорык, фотаапарат, шуфлікі, рулетка і дажджавік. Усе рэчы – патрэбныя. Паводле слоў археолага, курганны могільнік у Бірулях унікальны.

– Яго ўнікальнасць ў тым, што з яго дапамогай можна прасачыць момант трансфармацыі паганства. Спачатку курганы трапляліся амаль без костак і інвентару, потым пачаў з’яўляцца ляпны посуд, у іншай групе курганоў – ножыкі і ўпрыгожванні з каляровага металу (на жаль, усё вельмі моцна пашкоджана агнём). Матэрыяльнай каштоўнасці яны не ўяўляюць, але вось навуковую! Трапляюцца нават візантыйскія рэчы – іншаземныя... Тут, як і на мяжы Полацкай зямлі, у пачатку ХІ ст. пачынаюць з’яўляцца інгумацыі (трупапалажэнні) узброеных мужчын. Такія пахаванні сведчаць аб працэсе ўваходжання гэтых тэрыторый у Полацкае княства. Як і на ўсёй тэрыторыі Полацкага княства, тут са з’яўленнем такіх пахаванняў крэмацыя (спаленне нябожчыкаў) знікае. Хрысціянства, як вядома, з крэмацыяй змагалася.

Недалёка ад курганнага могільніка археолагі зрабілі раскопы на гарадзішчы і селішчы.

– Жыццё ў гэтым гарадзішчы працягвалася амаль тысячу гадоў. Першыя насельнікі былі прадстаўнікамі днепра-дзвінскай культуры. Тут жыў адзін род – дзве-тры сям’і. Вядома, што жылі яны тут некалькі стагоддзяў: былі выяўлены характэрныя фрагменты керамікі. Знойдзена таксама некалькі гаспадарчых ям, а вось жытла, на жаль, не выяўлена, – кажа навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Зоя Харытановіч, – з VII – VIII стст. гарадзішча засяляюць носьбіты банцараўскай культуры. Аднак керамікі гэтага перыяду няшмат, знойдзены бронзавая падвеска і жалезны ножык.

Тым часам, як студэнты-гісторыкі Полацкага і Віцебскага ўніверсітэтаў шчыравалі на Докшыччыне, навуковая група Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала на мяжы Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў. Археолагі знайшлі выдатна захаваныя рэшткі керамікі эпохі неаліту, якія, верагодна, можна будзе скласці ў цэлы гаршок. Раней у Беларускім Падняпроўі знаходзілі адзінкавыя чарапкі.

Па інфармацыі газеты «Звязда»

P.S.: Вы можете разместить эту статью на своём ресурсе! Обязательно ставьте прямую работающую ссылку на наш проект:
Главная страница Alma Mater
Статья Археалагічныя раскопкі, або Студэнцкая практыка з рыдлёўкай
Читайте все статьи на Карте сайта