Васіль Ракуць: Настаўнік гісторыі ва ўмовах тэхналагічнага буму

25.05.2008 

РакуцьПрапануем вашай увазе погляд вядомага беларускага метадыста Васіля Ракуця на сутнасць некаторых «інавацыйных тэхналогій», аб укараненні якіх у школы шмат гаворыцца апошнім часам. Аўтар прыходзіць да высновы, што ў большасці сваёй «інавацыйнасць» - пусты гук, а «навацыі» - даўно вядомыя педагогам падыходы.

Пасля з'яўлення першага постсавецкага падручніка па гісторыі Беларусі Васіль Ракуць выступіў са сваімі прапановамі па яго ўдасканальванні. Канструктыўная крытыка была заўважана аўтарам - вядомым беларускім гісторыкам Георгіем Штыхавым. Васіль Ракуць атрымаў прапанову дапрацаваць падручнік разам. Васіль Ракуць удзельнічаў у напісанні 9 школьных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі. Яго меркаванню можна давяраць.

Умейце пачуць заклік новага.
Мікалай Рэрых

Калі запытаць у настаўнікаў, што з'яўляецца адметнай асаблівасцю развіцця беларускай сістэмы адукацыі, то адказ можна чакаць адназначны - гэта яе рэформа. Пераход на 12-гадовы тэрмін навучання, 10-бальную сістэму, пяціўзроўневы падыход да ацэнкі ведаў вучняў вызначыў яе змест. Рэформа мае як прыхільнікаў, так і праціўнікаў, спрэчкі паміж імі доўжацца ўжо шмат гадоў.

Як вядома, адной з важнейшых задач рэформы з'яўляецца паляпшэнне якасці ведаў вучняў. У вырашэнні яе галоўная стаўка рабілася на тэхналагізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу. Ініцыятары і прыхільнікі рэформы пераконваюць грамадскасць, што масавае выкарыстанне інавацыйных тэхналогій карэнным чынам палепшыць якасць навучання. Пра ўкараненне новых педагагічных тэхналогій пастаянна гавораць на педсаветах, семінарах, метадычных аб'яднаннях, канферэнцыях, курсах павышэння кваліфікацыі. Пачаўся сапраўдны педагагічны бум. Ад вучоных не адстаюць настаўнікі і метадысты. Яны ўзяліся за стварэнне сваіх інавацый. Звычайна гэта пэўныя метадычныя здабыткі творчых настаўнікаў, якія маюць гучную назву - педтэхналогія. Інавацыйныя тэхналогіі літаральна запаланілі педагагічны друк. Спашлюся на прыклад. Пяць гадоў таму рэдакцыя «Настаўніцкай газеты» распрацавала цікавы і вельмі патрэбны настаўнікам праект пад назвай «Адкрыты ўрок». За гэты час на старонках газеты, паводле маіх падлікаў, настаўнікі прапанавалі больш за пяцьдзесят тэхналогій. Які размах педагагічнай творчасці! I гэта яшчэ не ўсё. На конкурс «Адкрыты ўрок» штогод паступае 400 - 500 аўтарскіх матэрыялаў, а друкуецца дзесьці толькі іх дзесятая частка. Такім чынам, яшчэ многія дзесяткі педтэхналогій засталіся, як кажуць, за кадрам.

Узнікае пытанне: а ці можа рэальна існаваць такая вялікая колькасць тэхналогій, створаных за параўнальна невялікі час? Для пошуку адказу звернемся да вытворчасці. Заўважым, што вытворчасць - гэта не адукацыя, але ж нейкія паралелі паміж імі існуюць.

Як вядома, на вытворчасці над распрацоўкай новай тэхналогіі працуюць дзесяткі вучоных і спецыялістаў-практыкаў. Імі праводзіцца каласальная даследчая і эксперыментальная работа. Распрацоўваецца адпаведная дакументацыя, рыхтуюцца кадры, ажыццяўляецца карпатлівая даводка тэхналогіі да ўзроўню вызначанага стандарту. Затым тэхналогія ўкараняецца ў вытворчасць на асобных эксперыментальных заводах. Ад замыслу да ўкаранення яго вынікаў у масавую вытворчасць мінае шмат часу.

А вось у педагогіцы з інавацыйнымі тэхналогіямі ўсё па-іншаму. Атрымліваецца лёгка і проста, па прынцыпу: калі начальства загадала, то настаўнік скажа: «Ёсць!». Вось і множацца ў нас інавацыйныя тэхналогіі, як грыбы пасля цёплых дажджоў. Відаць, настаў час правядзення навукова-практычнай экспертызы на прадмет, што ёсць інавацыйная педагагічная тэхналогія.

Разгледзім сітуацыю тэхналагічнага буму ў педагогіцы з пазіцыі звычайнага сумленнага школьнага настаўніка, якіх абсалютная большасць. Як яму разабрацца, а затым і вызначыцца ў такім гіганцкім патоку інавацыйных тэхналогій, бо ў існуючых цяпер абставінах нават вопытны настаўнік можа страціць педагагічныя арыенціры, а разам з гэтым і свой метадычны багаж, які па каліву набываўся гадамі карпатлівай працы, а затым шліфаваўся на дзесятках і сотнях урокаў.

Ва ўмовах педагагічнага буму асабліва няўпэўнена сябе пачуваюць маладыя настаўнікі, а таксама жанчыны, якія знаходзіліся два-тры гады ў водпуску па догляду дзіцяці.

Сітуацыя няўпэўненасці, у якой апынуліся многія настаўнікі ў сувязі з тэхналагічным бумам, сёння настолькі відавочная, што яе нельга не заўважыць. Неабходна прымаць канкрэтныя меры, бо некаторыя настаўнікі апускаюць рукі, губляюць творчую ініцыятыву і ператвараюцца ў рамеснікаў ад педагогікі. Іншыя адкрыта гавораць, што іх замучылі патрабаваннямі ствараць новыя педтэхналогіі, і пакідаюць школу. Гэта трывожны сігнал, на які ў кіраўнікоў адукацыі павінна быць рэакцыя.

Ужо шмат гадоў запар «новыя педтэхналогіі» інтэнсіўна ўкараняюцца ў вучэбна-выхаваўчы працэс. Настаў час паглядзець на вынікі. Тэсціраванне абітурыентаў па гісторыі і іншых прадметах пераканаўча сведчыць, што рэвалюцыйнага скачка ў якасці ведаў вучняў і ўзроўні іх выхаванасці не адбылося. Практычна бацькі і вучні ўжо пераканалі сябе, што без рэпетытарства спадзявацца на «светлае будучае» - паступленне ў ВНУ - не даводзіцца.

А між тым ужо адны назвы новых педтэхналогій такое абяцаюць, што аж дух захоплівае. Вось адна з назваў: «Тэхналогія поўнага засваення вучэбнага матэрыялу». Можна толькі марыць, якая моцная «зброя» будзе ў руках настаўніка. Цяпер ужо абібок-вучань нікуды ад ведаў не ўцячэ. Мне вельмі хацелася б пабыць на ўроках у той школе, дзе з дапамогай гэтай педтэхналогіі дамагаюцца стопрацэнтнага засваення ведаў вучнямі. На жаль, адрас яе мне невядомы, і буду вельмі ўдзячны, калі мне яго падкажуць.

Ёсць педагагічная «Тэхналогія навучання без дамашніх заданняў». Калі можна вучыць без дамашніх заданняў, дык чаму не распрацаваць тэхналогію навучання без падручнікаў?! А можна пайсці і яшчэ далей і прапанаваць шокавую тэхналогію - тэхналогію навучання без настаўніка і без наведвання школы.

Не буду празмерна іранізаваць і адзначу, што ў абсалютнай болышасці назвы педтэхналогій вельмі навуковыя. Напрыклад, «Тэхналогія асабіста-арыентаванага навучання». Назва яе навуковая і нават інтрыгуючая. Так і хочацца запытаць у аўтараў: а хіба навучанне можа быць іншым? Яно яшчэ з часоў Яна Амоса Каменскага было менавіта такім і засноўвалася на грунтоўным веданні асобы школьніка, яго ўзроставых, індывідуальных і псіхічных асаблівасцей.

А вось яшчэ інавацыйны сюрпрыз - «Тэхналогія індывідуалізацыі навучання». Ці не блізняты дзве гэтыя тэхналогіі? А калі яны розныя, то ў чым? Вырашыць гэтыя пытанні я прапаную настаўнікам, метадыстам і кіраўнікам адукацыі ў якасці дамашняга задання праблемнага характару пятага ўзроўню па дзесяцібальнай шкале ацэнак.
Ужо даўно наспеў і нават пераспеў час разабрацца, а што ёсць педагагічная тэхналогія. Здавалася б, дастаткова для гэтага адкрыць энцыклапедыю або слоўнік, і ўсё стане зразумелым. Але мой пошук аказаўся больш складаным і малавыніковым. «Педагагічная энцыклапедыя» (Т. 4. М., 1968) ніякіх звестак пра гэта не дае, напэўна, тады час яшчэ не надышоў. Магчыма, навукоўцы, педагогі і настаўнікі ў савецкай школе не тлумілі галаву сабе і вучням, як сеяць «разумнае, добрае, вечнае...», а добрасумленна рабілі сваю справу - вучылі дзяцей. Яшчэ каля дзесятка навуковых выданняў даюць прыкладна аднолькавыя па зместу тлумачэнні, накшталт наступнага: «Тэхналогія - сукупнасць метадаў апрацоўкі, змянення стану, уласцівасцей, формы сыравіны, матэрыялаў або паўфабрыкатаў, якія ажыццяўляюцца ў працэсе вырабу прадукцыі» (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 5, кн. 1. Мн., 1983. С. 584 - 585). Аналіз усіх тлумачэнняў даў мне падставу зрабіць пэўную выснову.

Тэхналогія - гэта:

а) прынцыпова новае, адметнае ад таго, што калісьці існавала ці прымянялася;
б) сукупнасць або сістэма спосабаў і метадаў эфектыўнага і выніковага ўздзеяння на нейкі аб'ект;
в) уздзеянне, якое прыводзіць да якасных змен нейкага аб'екта.
Калі ўсё гэта перанесці з вытворчага працэсу на вучэбны, то атрымаецца, што вучань - гэта аб'ект уздзеяння; настаўнік - тэхнолаг, а інструментарый уздзеяння - гэта сістэма сродкаў, метадаў і прыёмаў навучання.

Для таго каб тэхналагічны працэс пайшоў без "збояў" і даў вынік, патрабуецца: а) дасканалае веданне аб'екта ўздзеяння, г. зн. вучня; б) глыбокае веданне тэхнолагам (настаўнікам) механізму ўздзеяння, інакш - сутнасці тэхналагічнага працэсу; в) авалоданне навыкамі работы з новымі сродкамі, метадамі і прыёмамі навучання.

Таму неабходна разабрацца ў адпаведнасці інавацыйных тэхналогій, якія прапануюцца, тым патрабаванням, якім яны павінны адпавядаць. Пачнём з лекцыйна-семінарскай сістэмы навучання. Яна мае даўнюю гісторыю выкарыстання і добра вядома кожнаму настаўніку яшчэ са студэнцкіх, а магчыма, з тых гадоў, калі ён сам быў вучнем.

Для больш канкрэтнага выяўлення сутнасці гэтай сістэмы паставім некалькі пытанняў. Лекцыйна-семінарская сістэма (лекцыі, семінары, практыкумы, кансультацыі, залікі, экзамены) цяпер пачала называцца тэхналогіяй. Дык гэта ўсё ж тэхналогія ці сістэма навучання? Радыкальных прыкмет навізны яна не мае, бо пачала выкарыстоўвацца яшчэ ў сярэднія вякі, калі ў краінах Заходняй Еўропы з'явіліся першыя універсітэты. За доўгі час існавання ў гэтай сістэме навучання прынцыповых змяненняў не адбылося, а значыць назваць яе інавацыйнай ніяк нельга. Як вядома, традыцыйная лекцыйна-семінарская сістэма выступае як адна з форм арганізацыі заняткаў, калі спачатку чытаецца абзорная або ўводная лекцыя, затым ідуць тэматычныя лекцыі, а пасля іх праводзяцца семінары. Формы кантролю - залік або экзамен. Такім чынам, рэалізуецца сістэмны падыход да навучання. Адсюль і ўзнікла адпаведная назва - сістэма навучання, а не педагагічная тэхналогія.

Тут сутнасць інавацыі ў падмене паняццяў.
Нельга лекцыйна-семінарскую сістэму назваць тэхналогіяй і таму, што існуе яшчэ адна традыцыйная форма арганізацыі вучэбных заняткаў - класна-ўрочная сістэма. У такім выпадку і яе патрэбна назваць новай тэхналогіяй. Паглядзім, што ў выніку атрымаецца. Пабудавалі школу, набралі вучняў, запрасілі на работу настаўніка, які вучыць дзяцей, як умее, і назвалі ўсё гэта - класна-ўрочная тэхналогія. Ці ж не абсурд гэта? Можа, трэба падумаць і адказаць на пытанне: Ці варта наогул гаварыць пра тэхналогіі ў педагогіцы?
Тэхналогія ці падыход да навучання? Для больш эфектыўнага засваення матэрыялу некаторыя настаўнікі аб'ядноўваюць два ўзаемазвязаныя параграфы ў больш буйную дыдактычную адзінку - блок. Такая неабходнасць часта ўзнікае ў вясковых школах, калі вучні на пэўны час прыцягваюцца да сельскагаспадарчых работ. Аб'яднанне матэрыялу ў блок - метадычны прыём, які ўжо даўно выкарыстоўваўся ў савецкай школе. Ён дае магчымасць эканоміць вучэбны час урока для замацавання, абагульнення і сістэматызацыі вывучанага матэрыялу, а значыць паглыблення ведаў вучняў. Таму калі ў адукацыі з'явілася мода на новыя педтэхналогіі, дык чаму ж не назваць гэты падыход да навучання інавацыйнай тэхналогіяй. Так з'явілася яшчэ адна так званая «Тэхналогія блочнага навучання».

Ёсць пэўныя тэндэнцыі да ўнясення ў змест навучання трохузроўневага падыходу - разумець, ведаць, умець - то, верагодна, можа з'явіцца «Тэхналогія трохузроўневага навучання».
Калі правесці крыху па-іншаму структурыраванне вучэбнага матэрыялу, каб вывучаць гістарычныя падзеі па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі паралельна і сінхронна, то гэты падыход можна назваць «Тэхналогія сінхроннага вывучэння гісторыі».

Зразумела, што ўсё гэта далёка не тэхналогіі, а ўсяго толькі рацыянальныя падыходы да навучання, і ніякіх прыкмет тэхналогіі ў іх не назіраецца. Большае, на што можа прэтэндаваць той ці іншы падыход да навучання - гэта быць нейкім элементам або састаўной часткай пэўнай тэхналогіі.
Тэхналогія ці форма арганізацыі вучэбнай работы? Многія настаўнікі гісторыі аддаюць перавагу калектыўным формам вучэбнай работы вучняў. Адной з іх з'яўляецца групавая работа. Настаўнік дзеліць клас на групы пастаяннага ці пераменнага складу. Ставяцца вучэбныя задачы. Кожная група атрымлівае заданне. Ідзе калектыўная творчая работа. Пасля выканання заданняў арганізуецца іх абмеркаванне. У большасці выпадкаў, хоць і не заўсёды, калектыўная работа больш эфектыўная за індывідуальную. Чаму ж такую форму арганізацыі вучэбнай дзейнасці не назваць тэхналогіяй?! Вось і з'явілася чарговая інавацыйная тэхналогія - «Тэхналогія групавой работы».

А калі вучні выконваюць вучэбныя задачы, працуючы ца парах, то чаму такую форму арганізацыі вучэбнай работы не назваць тэхналогіяй. Так лёгка і проста ўзнікла ў педагогіцы «Тэхналогія работы па парах».
Тэхналогія ці метад навучання? Для актывізацыі разумовай дзейнасці вучняў на ўроку настаўнікі ўсё часцей і часцей выкарыстоўваюць праблемныя і лагічныя заданні. Праблемныя заданні адносяцца да катэгорыі складаных. Іх выкананне патрабуе ад вучня ўмення аперыраваць ведамі, разважаць, знаходзіць рашэнне. Праблемныя заданні лепш выконваць калектыўна, групай ці парай вучняў, а затым іх абмяркоўваць усім класам. Пры такім навучанні адметнымі з'яўляюцца два фактары - пастаноўка праблемы і арганізацыя пошуку яе вырашэння. 3 гэтага выцякае, што настаўнік выкарыстоўвае метад праблемна-пошукавага навучання.
Урок з выкарыстаннем гэтага метаду як асноўнага вельмі эфектыўны, але пры ідэальнай умо ве: калі ў класе ўсе вучні з высокім узроўнем падрыхтоўкі. У звычайным класе патрэбна чаргаваць праблемныя заданні з лагічнымі і простымі.

Узнікае пытанне: а ці можна па аднаму, нават вядучаму метаду навучання назваць увесь навучальны працэс тэхналогіяй? На мой погляд, нельга, бо тэхналогія - гэта цэлая сістэма не толькі метадаў, але і сродкаў і прыёмаў навучання, накіраваных на фарміраванне трывалых ведаў у вучняў. Калі настаўнік выкарыстоўвае той ці іншы метад, то гэта яшчэ далёка не значыць, што ён выкарыстоўвае тэхналогію праблемна-пошукавага навучання, а хутчэй за ўсё адзін з яе элементаў.

Тэхналогія ці сродак навучання? Звернемся да вопыту таленавітага настаўніка матэматыкі з Украіны Віктара Фёдаравіча Шаталава. Гэта сапраўды педагог ад Бога. Яго выступленне па Цэнтральным тэлебачанні з Масквы ўскалыхнула грамадскасць Савецкага Саюза. Такога да Шаталава не было, каб трансляцыя выступлення настаўніка ў запісе доўжылася шэсць гадзін. Ён змог выклікаць небывалую цікавасць не толькі да сваёй асобы, але і да сваёй галоўнай педагагічнай «зброі» - апорнага сігнала. Апорны сігнал - гэта адлюстраванне якой-небудзь інфармацыі ў выглядзе значка, фігуркі, схемкі, сімвала, малюнка. Сігнал змяшчаў у сабе вялікую колькасць вучэбнай інфармацыі. Апорныя сігналы Шаталава былі ўспрыняты педагогамі як універсальны сродак навучання. Многія падумалі: нарэшце векавая мара настаўнікаў даць вучню глыбокія і трывалыя веды здзейснілася. Але выкарыстанне апорных сігналаў не было падмацавана распрацоўкай эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання. Настаўнікі пачалі ўдасканальваць шаталаўскую ідэю апорных сігналаў сваімі метадычнымі напрацоўкамі. Педагагічная навацыя была відавочная, аднак новай тэхналогіі не атрымалася. Узнікла сітуацыя як з павозкай, пастаўленай наперадзе каня. Цікавасць да апорных сігналаў пачала зніжацца. Калі тагачасны міністр асветы СССР пабываў на ўроках Шаталава, ён быў больш уражаны талентам і энергіяй Шаталава, чым яго апорнымі сігналамі. Пасля ўсяго ўбачанага ён проста і мудра сказаў: «Па-шаталаўску можа працаваць толькі Шаталаў».

Сучасным маладым педагогам можа паказацца малаверагодным, аднак выкарыстанне апорных сігналаў часта было прымусовым з боку метадыстаў. Педагагічныя калектывы цэлых школ прымушалі выкарыстоўваць апорныя сігналы на ўроках гісторыі, геаграфіі і нават літаратуры і музыкі. Я напамінаю пра гэта для таго, каб штосьці падобнае не здарылася з нашымі беларускімі, а часцей запазычанымі, інавацыйнымі педтэхналогіямі. Вопытныя педагогі добра ведаюць, як мы ў адукацыі ўжо не раз «наступалі на граблі».

Дасканала пазнаёміўшыся з мноствам «інавацыйных тэхналогій», я прыйшоў да высновы, што яны бываюць розныя, падкрэслю, вельмі розныя. «Каштоўнасць» адных можа заключацца толькі ў гучных вучоных званнях іх аўтараў або ў памкненнях атрымаць навуковыя ступені і вучоныя званні. Другія - гэта не што іншае, як гульня ў навуковыя тэрміны, якую цяжка зразумець настаўніку-практыку. Ёсць тэхналогіі, якія чымсьці нагадваюць матылькоў-аднадзёнак, калі акцэнт пераносіцца з адных педагагічных праблем на іншыя.

На маю думку, для большасці педтэхналогій патрабуецца ўдакладненне іх назваў. Рэальна можна гаварыць пра існаванне ў наш час трох педагагічных тэхналогій, або методык навучання.

1. Тлумачэнне настаўнікам вовых ведаў. Настаўнік носьбіт і перадатчык іх. Вучні слухаюць, запісваюць, запамінаюць, потым ідзе паўтарэнне, абагульненне і сістэматызацыя. Выкарыстоўваюцца прыёмы актывізацыі разумовай дзейнасці, прымяняюцца розныя сродкі і метады навучання. Эмацыянальны стан вучняў рэгулюецца шляхам стварэння адпаведных педагагічных сітуацый - чакання, здзіўлення, суперажывання і інш. Мова настаўніка зразумелая, вобразная, эмацыянальная, без замежных запазычанняў, словы ёмкія, выразы трапныя.

2. Самастойнае навучанне. Настаўнік у ролі арганізатара і каардынатара пошукавай работы вучняў. Рыхтуюцца і выкарыстоўваюцца рознаўзроўневыя заданні. Ствараюцца праблемныя сітуацыі. Вядзецца пошук супярэчнасцей і вызначаюцца шляхі іх вырашэння. Удзяляецца ўвага правядзенню даследчай работы, прагназаванню магчымых варыянтаў ходу гістарычных падзей. Абмеркаванне вучэбных праблем час ад часу пераходзіць у дыскусіі. Заняткі завяршаюцца самаацэнкай (цяпер метадысты патрабуюць выкарыстоўваць моднае паняцце «рэфлексія»). Вучні выказваюць, што яны зразумелі ці якія цяжкасці маюць у засваенні матэрыялу, разважаюць пра атмасферу ўрока і свой псіхічны стан, пра сваю працу і працу настаўніка.

3. Камп'ютэрнае навучанне. Працэс падрыхтоўкі і перадачы вучэбнай інфармацыі праз камп'ютэр. Навучанне ажыццяўляецца шляхам зносін вучня з камп'ютэрам, які на канкрэтным уроку часткова або поўнасцю замяняе настаўніка, кнігу або іншыя сродкі навучання. Выхад у сусветную інфармацыйную сетку Інтэрнет дае унікальную магчымасць для зносін вучня з навукай і культурай. Камп'ютэрная тэхналогія навучання знаходзіцца ў стане распрацоўкі. Галоўнымі асобамі падчас выкарыстання яе з'яўляюцца настаўнік і камп'ютэр.

Я хачу, каб мае разважанні пра тэхналагізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу не былі расцэнены толькі як пошук негатыўнага.

Я за творчыя пошукі ў сучасным навучанні школьнікаў, бо гэта станоўча ўплывае на вучэбна-выхаваўчы працэс і асобу самога настаўніка.
Паспрабую лаканічна акрэсліць дасягненні рэфармавання адукацыі, якія ўжо ёсць.

1. Тэхналагічны бум даў значны імпульс актывізацыі творчай дзейнасці настаўніка, паставіў яго ў сітуацыю пошуку і выбару, прадэманстраваў значныя рэзервы і магчымасці далейшага развіцця і ўдасканалення працэсу навучання і выхавання школьнікаў.

2. Актывізавалася метадычная вучоба настаўнікаў, праца метадычных аб'яднанняў стала больш змястоўная і мэтанакіраваная, што станоўча ўплывае на прафесійны рост педагогаў.

3. У навучальных установах на афіцыйным і неафіцыйным узроўнях вядзецца актыўнае абмеркаванне інавацыйных тэхналогій, праводзяцца адкрытыя ўрокі з дэманстрацыяй новых сродкаў, метадаў і прыёмаў навучання. Усё гэта станоўча ўплывае на маральную атмасферу ў педкалектывах, на ўзаемапаразуменне і супрацоўніцтва педагогаў.

4. Школьныя ўрокі становяцца больш разнастайнымі па форме і зместу, расце імкненне вучняў да ведаў, актывізуецца іх вучэбная дзейнасць, развіваецца светапогляд.

5. Усё шырэй укараняецца педагогіка супрацоўніцтва. Школа становіцца для вучняў усё больш прывабнай, а праца настаўніка - больш эфектыўнай.

Педагагічны роздум
Шаноўныя калегі, у тых умовах, у якіх мы жывём і працуем, надзвычай важна кожнаму з нас мець свае педагагічныя арыенціры, сваё настаўніцкае крэда. У сувязі з гэтым я прапаную вам на старонках «Беларускага гістарычнага часопіса» разам паразважаць на тэму «Зверым пазіцыі» і для гэтага выкарыстаць наступныя тэзісы.

1. Веды - гэта ланцужок трывала злучаных паміж сабой звёнаў запатрабаваных у жыцці звестак, навыкаў і ўменняў. Веды - аснова навучання, мысленне - яго рухаючая сіла, выхаванне - спалучэнне аднаго і другога з патрэбамі часу. Адукацыя ёсць творчы працэс вырашэння традыцыйнай задачы: навучыць, развіваць і выхаваць асобу сучаснага інфармацыйнага грамадства.

2. Прыгожа сказаць на ўроку - значыць зацікавіць, умела паказаць - значыць дапамагчы запомніць, выявіць супярэчнасць - значыць абудзіць думку, вырашыць супярэчнасць - значыць даць веды.

3. Педтэхналогія - гэта не панацэя для вырашэння ўсіх праблем навучання і нават не заяўка на будучы поспех. Не ўсё тое золата, што блішчыць.

4. У некаторых педтэхналогіях ёсць шмат чаго рацыянальнага. Спалучэнне рацыянальнага са здабыткамі этнапедагогікі, памножанае на свае метадычныя дасягненні - гэта самы правільны шлях да поспеху ў навучанні і выхаванні сучасных школьнікаў.

5. Быць настаўнікам - ганарова. Вучыць дзяцей - адказна. Пачуццё гонару, дапоўненае разуменнем адказнасці за даручаную справу, - гэта глыбокая крыніца прафесійнага росту педагога.

6. Настаўнік - гэта творчая асоба, у якой гарманічна спалучыліся прафесіяналізм, дэмакратызм, гуманізм і аптымізм.

7. Прафесіяналізм пачынаецца з самага першага правільна зробленага кроку ў самастойнае жыццё, з правільна выбранага жыццёвага шляху, з грунтоўных педагагічных ведаў, асабіста набытага вопыту, дапоўненага здабыткамі лепшых дасягненняў сваіх калег, апантанасці прадметам, які выкладаеш.

8. Дэмакратызм настаўніка праяўляецца ў спалучэнні патрабавальнасці і сяброўскіх адносін да вучняў. Настаўнік - перш за ўсё старэйшы сябар і дарадца вучняў. Вучань і настаўнік - раўнапраўныя асобы, саўдзельнікі вучэбна-выхаваўчага працэсу.

9. Гуманізм - гэта павага да школьніка, клопат пра станаўленне і выхаванне яго чалавечай годнасці. Ён праяўляецца ў бацькоўскай любові да сваіх вучняў і прызнанні унікальнасці асобы кожнага з іх.

10. Аптымізм - гэта псіхалагічная гатоўнасць педагога да пераадолення цяжкасцей на сваім нялёгкім настаўніцкім шляху, гэта вера ў самых «безнадзейных» вучняў, уменне дараваць ім памылкі і пралікі, шчыра радавацца нават за іх самыя нязначныя поспехі.

Нават калі Бог даў вам вялікія педагагічныя здольнасці, стаць настаўнікам вы зможаце толькі самі. Вось чаму я прыхільнік сапраўды новых эфектыўных спосабаў навучання, а не мудрагелістага пустазвонства ў педагагічнай навуцы і адукацыі.

Крыніца: Беларускі гістарычны часопіс. - 2007. - № 11.

P.S.: Вы можете разместить эту статью на своём ресурсе! Обязательно ставьте прямую работающую ссылку на наш проект:
Главная страница Alma Mater
Статья Васіль Ракуць: Настаўнік гісторыі ва ўмовах тэхналагічнага буму
Читайте все статьи на Карте сайта

infoliokrat (посетитель):
ср, 11/02/2009 - 21:59

Ва ўмовах педагагічнага буму асабліва няўпэўнена сябе пачуваюць маладыя настаўнікі, а таксама жанчыны, якія знаходзіліся два-тры гады ў водпуску па догляду дзіцяці.

А хіба падчас крызісу дабавілася ўпэўненасці? (Дарэчы, ці Вы заглядалі на adu/by Форум Тарыфікацыя Зарплата?)

Рэформа мае як прыхільнікаў, так і праціўнікаў, спрэчкі паміж імі доўжацца ўжо шмат гадоў.

(І хто з кім спрачаўся? Да рэформы ці пасля яе адмены?)

На маю думку, для большасці педтэхналогій патрабуецца ўдакладненне іх назваў.

На маю думку усім тэхналогіям у адукацыі ці выхаванні Чалавека - назва павіна быць адна:
Тэхналогія вытворчасці Будаўнікоў камунізма (як чл. КПСС з 70 г. ведаю гэта добра)

Узнікае пытанне: а ці можа рэальна існаваць такая вялікая колькасць тэхналогій, створаных за параўнальна невялікі час? Для пошуку адказу звернемся да вытворчасці. Заўважым, што вытворчасць - гэта не адукацыя, але ж нейкія паралелі паміж імі існуюць.

Адказ відавочны: можна, і існуе, асабліва калі ёсць Тэхналогія вытворчасці тэхналогій. (як былы інжынер-канструктар гэта разумею: дастаткова загадаць ці знайсці грошы. Можа інфоліякратнасць ці інфоліяпадыход вас зацікавіць?) Іншая справа, ці патрэбна гэта? (Клі зоркі запальваюць на небе, дык гэта каму-небудзь трэба...). З павагай