Міхась Булавацкі: Матэматыка памiж Гхагхрай i Марамбiджай

16.04.2009 

Міхась БулавацкіЗнаёмыя рэпетытары-матэматыкi назiраюць цiкавую з’яву: раней да iх звярталiся па дапамогу толькi бацькi вучняў выпускных (9 – 11) класаў, некалькi гадоў таму сем’i пачалi шукаць дапамогу для сямi-, васьмiкласнiкаў, а зараз ужо патрабуецца дапамога вучням чацвёртага класа. I з’ява гэтая досыць масавая.

Некалькi разоў i да мяне звярталiся знаёмыя з просьбай дапамагчы iх дзецям засвоiць матэматыку 4 класа, бо самi яны ўжо не здольныя дапамагчы.

Пытаюся адну дзяўчынку: якiя праблемы? «Не магу задачу рашыць», – адказвае. Чытаю задачу: «Даўжыня Янцзы на 509 км большая за агульную даўжыню Цзялiнцзяна, Ханьшуя i двойчы ўлiчанага Ялунцзяна, на 104 км большая за падвоеную агульную даўжыню Ялунцзяна i Ханьшуя i на 4476 км большая за даўжыню Ялунцзяна. Знайсцi даўжыню Янцзы, Ялунцзяна, Цзялiнцзяна i Ханьшуя, улiчваючы, што агульная даўжыня Цзялiнцзяна i Ханьшуя роўная 2643 км».

Ну што ж, кажу, давай разбiрацца, чытай сама. Дзяўчынка пачынае чытаць: «Даўжыня Янз... Янц... Ян-цы-зы... большая за даўжыню Цзi... Цлi... Цзы... Цызя...»

Я з цiкавасцю чакаю. Але так i не дачакаўся – слова «Цзялiнцзян» яна так i не змагла прачытаць. Прамучыўшыся так некалькi хвiлiн, яна спынiлася i разгублена паглядзела на мяне. I я зразумеў — праблема тут не ў матэматыцы, праблема ў тым, што аўтары падручнiка Л.Латоцiн i Б.Чабатарэўскi не падумалi аб тым, як тое дзяўчо будзе чытаць кiтайскiя назвы. Не падумала аб гэтым i маладая настаўнiца, якая чамусьцi не абмiнула гэтую няўдалую задачу. Адно добра, што не стала рашаць на ўроку – урок быў бы безнадзейна сапсаваны.

Я прапаную дзяўчынцы рашыць iншыя задачы, дзе няма такiх мудрагелiстых слоў (хаця, трэба адзначыць, задачамi з мудрагелiстымi назвамi i падручнiк, i адпаведны зборнiк задач перапоўненыя, i абмiнуць iх цяжка). Яна больш-менш паспяхова iх рашае, хаця напружанне i няўпэўненасць, выклiканыя той няўдачай, адчуваюцца. Вiдаць, такiх няўдач было ўжо шмат, i яны паспелi стварыць у свядомасцi дзяўчынкi ўяўленне аб незвычайнай «цяжкасцi» матэматыкi, аб недасягальнасцi для яе гэтых прамудрасцяў.

Я гартаю падручнiк i на кожным кроку натыкаюся там на геаграфiчныя назвы: Дарлiнг, Марамбiджы, Журуа, Мадэйра, Пурус, Драва, Сiрэт, Джамна, Дамадар, Гамацi, Гхагхра... Цi беларускiя – Оршына, Лiпна, Мугiрына, Мядзведна, Берцы, Абаб’е... Магчыма, гэта падручнiк геаграфii? Цi матгеаграфii або геаграматыкi. Але на вокладцы напiсана «Матэматыка».

Хацелася б спытаць чытача: цi ведаеце вы такiя рэкi цi азёры? А калi не ведаеце, то цi не перашкаджае гэта вам у жыццi?

Сказаць па праўдзе, я не супраць таго, каб у падручнiку матэматыкi сустракалiся задачы з геаграфiчнымi назвамi, з гiстарычнымi падзеямi, са звесткамi з бiялогii, фiзiкi, астраномii. Гэта ажыўляе матэматыку, робiць яе больш цiкавай i прывабнай, далучае яе да пэўнай сiстэмы ведаў. Але ж трэба думаць аб меры, трэба, каб матэматыка не гублялася сярод Марамбiджы i Гхагхры.

Я iмкнуся выбiраць для дзяўчынкi задачы з кароткiм зместам, дзе нiшто не адцягвае ўвагу ад матэматыкi. Яна паступова ўспрымае мой спакойны даверлiва-ўпэўнены тон, пачынае рэагаваць усмешкамi на мае жарты – i задачы ўжо не падаюцца ёй такiмi страшэннымi...

«Хуткасць палёту чмяля меншая за хуткасць палёту асы ў тры разы, або на 100 м/хвiл. Знайдзiце гэтыя хуткасцi». Чакаю, што дзяўчо пачне традыцыйнае i даволi звыклае: «Абазначым лiтарай «iкс» хуткасць чмяля...» Але яна няўпэўнена пачынае маляваць нейкiя адрэзкi. Не давёўшы работу да канца, спыняецца i чакае маёй дапамогi. Я цiкаўлюся: «А праз ураўненнi вы не рашаеце задачы?» – «Не, ураўненнямi нам не дазваляюць. Мы рашаем адрэзкамi». Вось так, i тут навiна!

Некалi Ала Пугачова спявала: «Задаёт учитель нам с иксами задачи, кандидат наук и тот над задачей плачет». I пужала: «То ли еще будет, ой-ёй-ёй!»

За пару дзесяцiгоддзяў песня страцiла сваю актуальнасць, бо «з iксамi задачы» цяпер рашаюцца пачынаючы з першага класа, i яны ўжо не падаюцца такiмi страшнымi нi вучням, нi iх настаўнiкам, якiя добра авалодалi нескладанай методыкай вучыць складаць па тэкстах задач ураўненнi. Але ж – авалодаць авалодалi, а тут раптам сюрпрыз: цяпер гэтыя задачы трэба рашаць не праз iксы i ўраўненнi, а праз маляванне адрэзкаў. Цяпер бы Але Барысаўне заспяваць: «Задае настаўнiк нам без iксоў задачы, кандыдат навук i той над задачай плача».

Я спрабую зразумець логiку аўтараў новага падручнiка: навошта тут (на роўным месцы!) гэтае метадычнае «вынаходнiцтва»? Магчыма, яны хацелi дапамагчы дзятве ўсвядомiць сутнасць задачы наглядна (як кажуць, лепш адзiн раз убачыць...)? Але адразу знаходзяцца два iстотныя контраргументы. Па-першае, адрэзак «даўжынёй» 35 градусаў цi 100 метраў за хвiлiну – абстракцыя для дзяцей не больш даступная, чым той iкс, з якiм настаўнiкi i бацькi ўжо добра асвоiлiся. Настаўнiкi, канешне, знойдуць урэшце патрэбныя словы i прыёмы, каб сутнасць малявання адрэзкаў паступова ўсведамлялася iх вучнямi. Але навошта марнаваць час, калi праз нейкiя паўгода i да заканчэння школы тыя ж задачы будуць усё роўна рашацца праз ураўненнi «з iксамi»?

Карацей кажучы, падручнiк, якi дзейнiчае ўжо трэцi год, пакуль пакiдае шмат пытанняў i патрабуе ўдумлiвай i досыць iстотнай перапрацоўкi. Хто ж павiнен яго перапрацоўваць, як не самi аўтары? Але мяне насцярожвае той факт, што ў педагагiчным друку аўтары пачынаюць выказвацца наконт змен у падручнiку геаметрыi. Ёсць падставы меркаваць, што яны ўжо збiраюцца пiсаць падручнiк па геаметрыi, пакiнуўшы раней напiсаныя iмi падручнiкi матэматыкi настаўнiкам.

Калi мае падазрэннi справядлiвыя, тады ўсплывае наступнае пытанне: а цi ёсць у нас альтэрнатыўныя падручнiкi – для таго ж чацвёртага класа, напрыклад? Цi мае беларускi настаўнiк матэматыкi рэальную магчымасць выбару?

Высвятляецца, што выбар усё ж такi ёсць, хаця i небагаты. Мяне радуе, што паспяхова праходзiць выпрабаваннi падручнiк аршанскага настаўнiка В. Герасiмава. Яшчэ не будучы знаёмым з тым падручнiкам, я ўжо схiльны аддаваць яму перавагу толькi таму, што яго аўтар мае багаты ўласны вопыт iнiцыятыўнай працы i тыя падручнiкi, якiя пiша, найперш апрабоўвае на занятках са сваiмi вучнямi.

Я лiчу, што кожнаму настаўнiку павiнна прадастаўляцца свабода выбару – з некалькiх альтэрнатыўных падручнiкаў ён мог бы выбiраць «свой». Толькi ў гэтым выпадку ў школу змогуць прыйсцi па-сапраўднаму добрыя падручнiкi. I не толькi па матэматыцы. А мiнiстэрству адукацыi трэба пашукаць магчымасцi падтрымкi iнiцыятыў (асаблiва з боку вопытных настаўнiкаў) па стварэнню новых падручнiкаў i вучэбных матэрыялаў.

Мiхась БУЛАВАЦКI,

настаўнiк вышэйшай катэгорыi.

Крыніца: «Звязда»

P.S.: Вы можете разместить эту статью на своём ресурсе! Обязательно ставьте прямую работающую ссылку на наш проект:
Главная страница Alma Mater
Статья Міхась Булавацкі: Матэматыка памiж Гхагхрай i Марамбiджай
Читайте все статьи на Карте сайта

Гость (посетитель):
чт, 24/06/2010 - 08:08

Адразу ўзгадаў, прачытаўшы
"Ну што ж, кажу, давай разбiрацца, чытай сама. Дзяўчынка пачынае чытаць: «Даўжыня Янз... Янц... Ян-цы-зы... большая за даўжыню Цзi... Цлi... Цзы... Цызя...» што гэта, амаль класiчны выпадак. Напрыклад:
Жонка- мацi пачаткоўца- у абедзены перапынак з БЭМЗ бегае ў iнтэрнат, каб пакармiць малога, якi ў ТРЭЦЮЮ змену (з 16-00) ходзiць ў школу, i, абавязкова пытаецца, цi выканаў той дамашку.
-Не, не ўсё.
-Што не зрабiў?
-Не навучыўся пераказваць тэкст па русскаму.
-Што? (Самя яна з Астраханскай вобласцi). Паказвай.
-Вось гэта.
-Пераказвай.
-Не ведаю.
-Чытай!
-Чытаць не задавалi!
Так i пабегла на працу. Там калегi вельмi шчыра пасмяялiся, а потым, праз год-другi, у iшым канцы Брэста тое ж зноў адбылося з дачкой яе сяброўкi. Ужо не вельмi смешна было.

Мабыць можна "даўжыню Цзялiнцзяна, Ханьшуя i двойчы ўлiчанага Ялунцзяна,.." - з дазволу настаўнiцы, будучым спецыялiстам-замежнiкам, пры рашэннi задач называць скарочана: Цз, Ха, Ял..., бо праграму трэба ж выконваць, а зараз (я на пенсii з 10.04.10г), бывае, патрабуецца ў каляндарных планах пералiчваць кожную дробязь... Без паперкi - няма тэхналщгii!! З павагай, Мi

Fats (посетитель):
пн, 09/05/2016 - 12:29

It's imiepatrve that more people make this exact point.