Упершыню ў гісторыі абнародаваны ліст слыннага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага да сына. У 1822 г., калі той ад’язжаў вучыцца ў Італію, бацька напісаў адмысловы «Запавет сыну Ірэнеушу». Запавет утрымлівае чатырнаццаць пунктаў. Вось яны.
1. Чалавек – не воля выпадку, ён не нараджаецца без мэты.
2. Ні на імгненне не забывай, чым ты абавязаны сваёй маці. Прызвычайся нічога не рабіць, папярэдне не запытаўшы сябе: «А мая маці ўхваліць ці не?» І калі тваё сумленне адкажа: мая матуля гэта ўхваліць – дзейнічай смела. Калі яно скажа адваротнае – устрымайся, і ты пазбавішся ад памылкі.
3. Будзь заўсёды раннім – уставай на золку, не давай час для ляноты, перамагай сябе.
4. Ты павінен пазбягаць празмернасці, асабліва ў віне, троху віна – на два пальцы – усё, што можаш сабе дазволіць. Не захапляйся таксама і півам. Трэба пазбягаць залішняга і ў ежы.
5. Ты захаваеш сваё здароўе, калі будзеш захоўваць гігіену (чысціня цела ўплывае на чысціню душы), а таксама і рэжым, выконваць гімнастычныя практыкаванні.
6. Дзень трэба заканчваць малітвай, пытаючы сваё сумленне аб тым, што было зроблена.
7 (Гэта Агінскі пісаў сыну ў сувязі з тым, як неабходна ставіцца да слуг, але запавет актуальны і ў адносінах паміж сучаснымі людзьмі.). Памятай, паміж дабрынёю і фамільярнасцю ёсць вялікая розніца. Першае – велікадушнасць сэрца, другое – з-за пасрэднасці і пошласці. Нарадзіўшыся не дзеля таго, каб абслугоўваць, а быць тым, каго абслугоўваюць, ты абавязаны гэтым выпадку, тут няма падстаў ганарыцца.
8. Каб замацаваць звычку самааналізу, лепш завесці дзённік. Да таго ж гэтая звычка выпрацоўвае добры літаратурны стыль.
9. Што датычыцца тваіх заняткаў – неабходна, каб твае намаганні былі скіраваны на дасягненне пастаўленай перад сабой мэты.
10. Яшчэ адно пажаданне: вывучаць сучасныя замежныя мовы.
11. Каб добра вывучыць замежную мову, неабходна яе палюбіць. Дзеля гэтага – чытаць кнігі лепшых аўтараў на гэтай мове і нават ліставацца на ёй з сябрамі.
12. Намагайся заслужыць добразычлівасць аднакурснікаў ва універсітэце роўнымі паводзінамі – прыязнымі, ветлівымі, да ўсіх аднолькавымі. Не ўцягвайся ў справы, якія ты лічыш для сябе непрымальнымі. Часцей той, хто баіцца славы баязліўца і сваю ганарыстасць выдае за смеласць – той і ёсць баязлівец.
13. Паслухмянасць і добразычлівасць да тых, што заменяць табе бацькоў (Агінскі мае на ўвазе выкладчыкаў універсітэта і ў першую чаргу сваякоў, якія жылі ў Італіі), – лепшая падзяка за клопат пра цябе.
14. Я вельмі добра думаю пра цябе, мой дружа. Калі ты любіш нас, як я спадзяюся, гэта падтрымае цябе ва ўсіх тваіх пачынаннях.
Як бачна, многія пункты запавета Міхаіла Клеафаса Агінскага сыну гучаць надзіва актуальна.
Паводле «Народнай газеты»

16.02.2009
Отправить комментарий